
Газета «Авангард» — карпаратыўнае друкаванае выданне Кандопажскага цэлюлозна-папяровага камбіната (Рэспубліка Карэлія, Расея) — апублікавала артыкул пра мяне пасля майго допісу пра іх паперу.
Наша чароўная папера
Нядаўна найбуйнейшая пошукавая сістэма Google па запыце «кандопажская папера» нечакана паказала сярод першых дзесяці спасылак адрас блога Генадзя Буто. Гэта незалежны мастак, аніматар, рэжысёр і дызайнер. Ён займаецца стварэннем 2D- і 3D-анімацыі для мультфільмаў, рэкламных ролікаў, музычных кліпаў і г. д.
Зазірнуўшы ў блог аніматара, мы былі ўражаныя яго незвычайным водгукам… на прадукцыю ААТ «Кандопажскі ЦБК». Проста пачытайце, што напісаў Генадзь, і здзівіцеся разам з намі:
«Хто чым, а я купіў пісчую паперу А3. Хачу перадаць падзяку стопарэзчыцы № 7 Кандопажскага цэлюлозна-папяровага камбіната.
Трэба сказаць, што купіць яе было зусім няпроста. І толькі праз паўгода малявання накідаў я ўрэшце прыйшоў да гэтай пісчай, або спажывецкай, або газетнай паперы (вытворчасці, як ужо было сказана, маленькага горада Кандопага недзе ў Карэліі) як да ідэальнай для малявання накідаў — прынамсі, у той тэхніцы, у якой малюю я. Смешна сказаць, але гэта адзіная папера такога тыпу ва ўсёй Расіі. Дзіўна! Расія не перастае мяне здзіўляць.
Яна аказалася найбольш падобнай да паперы Newsprint Smooth, на якой на Захадзе малююць накіды і якой у нас няма ў продажы. Галоўны яе сакрэт — у гладкасці, якая нейкім чынам яшчэ звязаная з таўшчынёй паперы і яе фактурай, як я думаю… Гэтая папера проста чароўная, асабліва калі падабраць вугаль патрэбнай цвёрдасці і складу. А гэта, скажу я вам, другая велізарная праблема, з якой я дагэтуль змагаюся…
Я рады, што здолеў знайсці прыдатную паперу. Праўда, каб да гэтага прыйсці, мне спачатку давялося купляць страшэнна дарагія альбомы з непадыходнай паперай і літаральна пакутаваць, малюючы на ёй месяцамі. Дзіўна, але як толькі я пачаў карыстацца кандопажскай паперай, якасць маіх накідаў рэзка пайшла ўгору. Усё ж такі матэрыялы шмат што вырашаюць…»
Студзень 2017 года
Замест пасляслоўя
Дарэчы, пасля першай пакупкі мастак Генадзь Буто стаў пастаянным пакупніком кандопажскай паперы. А на сваёй старонцы ва «УКантакце» перыядычна выкладвае фота стосу паперы з подпісамі кшталту: «Вялікі дзякуй стопарэзчыцы №…» Прыемна.