«Лядзяш» і наступствы

Містычная гісторыя падлетка і ягонай мамы, якая не заўважыла, як яе сын пачаў знікаць праз прыхільнасць да «лядзяша», узрушыла ўсю інтэрнэт-прастору каля чатырох гадоў таму.
Мультфільм «Лядзяш», створаны ў межах сацыяльнага серыяла «РэАнімацыя», сабраў мноства ўзнагарод на міжнародных кінафестывалях па ўсім свеце і працягвае атрымліваць станоўчыя водгукі гледачоў. Пра свой поспех і няпростую працу над сваім «дзецішчам» нам расказаў рэжысёр-аніматар, стваральнік мультфільма «Лядзяш» Генадзь Буто.
Вопыт
У мяне быў значны досвед працы над сацыяльнай рэкламай. Калі я цалкам паглыбіўся ў яе, то крыху расчараваўся ў яе метадах, бо задачы ў ёй ставіліся занадта простыя. Груба кажучы, гэта была вельмі аднабаковая прапаганда: маўляў, гэта — дрэнна, а вось гэта, наадварот, добра. Карціна атрымлівалася нейкая механічная і зусім без душы. Менавіта таму я вырашыў пайсці сваім шляхам — так і ўзнікла ідэя мультфільма «Лядзяш». Прытрымліваючыся ўласных метадаў стварэння, я ўбачыў вобраз мамы, якая нібыта залечвае рану свайму сыну. Я настолькі выразна адчуў гэтую адну сцэну, што ад яе нарадзіліся ўсе астатнія вобразы і персанажы. Далей у справу ўступілі звычайная логіка і інтуіцыя, і пачаў развівацца ўвесь сцэнар.
Калі ў мастацтве ўсё да болю зразумела — гэта нядобра
Гісторыя
У мультфільме «Лядзяш» мама адчувае, што з дзіцем нешта не так, спрабуе яго лячыць, але насамрэч усе яе дзеянні носяць павярхоўны характар і не вырашаюць унутраную праблему. Галоўную праблему. А хлопчык, як кажуць, ужо коціцца па нахіленай плоскасці: ён паспрабаваў і «падсеў» на нешта такое, што яго разбурае. Разбурае ў літаральным сэнсе — я паказаў гэта праз паступовае знікненне частак цела галоўнага героя. Спачатку знікае вока, потым — рука, нага. У выніку ад яго нічога не застаецца. Мама на працягу ўсяго роліка нібыта гэтага не заўважае і спрабуе знешне выправіць праблемы, якія ўзнікаюць. Інакш кажучы, яна не ўсведамляе ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі.
Праект «РэАнімацыя»
Ролік быў створаны ў межах праекта «РэАнімацыя», які мае антынаркатычную і антыалкагольную скіраванасць. Праект пазіцыянаваўся як жорсткі трэш-серыял, які ад самага пачатку адмовіўся ад неэфектыўных метадаў сацыяльнай рэкламы — мяккіх або маральна-павучальных. Асноўнай задачай было размаўляць з падлеткамі на іхняй жа мове. Кожную серыю «РэАнімацыі» стваралі асобны мастак, асобны рэжысёр і аніматар; кожная мела свой сюжэт, свайго персанажа і сваю стылістыку. Насамрэч мне далі поўную свабоду ў стварэнні свайго роліка. Менавіта таму я вырашыў адмовіцца ад прамалінейных метадаў і пайсці праз адчуванні і эмоцыі, якія так ці інакш раскрывалі тэму. Увогуле, калі ў мастацтве ўсё да болю зразумела — гэта нядобра.
Меркаванні
Меркаванні пра «Лядзяш» былі вельмі цікавыя. Калі казаць пра каментары да роліка ў інтэрнэце, існуе такое «негалоснае» правіла: калі ўсё добра, то пра гэта няма сэнсу пісаць, а калі дрэнна — абавязкова трэба пакінуць гнеўны каментар. У мяне ўжо быў такі досвед, але, нягледзячы на гэта, я атрымаў большасць станоўчых водгукаў на мультфільм. Я зразумеў, што маё пасланне ўздзейнічала на людзей належным чынам: яно іх напалохала і прымусіла задумацца. Былі і такія каментары, якія мяне насамрэч рассмяшылі: маўляў, такі фільм мог стварыць толькі наркаман, які праз усё гэта прайшоў. Насамрэч такога жаласнага досведу ў мяне не было. Паўтаруся: я проста звярнуўся да творчасці, уключыў інтуіцыю і ўяўленне. Так, у мяне былі залежнасці іншага кшталту — магчыма, яны і паўплывалі на настолькі праўдападобны сюжэт. Не сакрэт, што ўсе шкодныя звычкі па сваёй сутнасці вельмі падобныя.
Цэнзура
Некаторыя гледачы наракалі на цэнзараў і стваральнікаў праекта «РэАнімацыя» за тое, што яны дапусцілі такі страшны ролік да паказу. Адно магу сказаць дакладна: усе сцэнары праходзілі ўзгадненне. Калі мае ідэі прайшлі, значыць, на іх далі згоду. Вядома, спачатку кіраўнікі праекта сумняваліся, ці будзе тэма зразумелай, і прапаноўвалі дадаць больш прамалінейныя штампы. Але ў выніку вырашылі не ўносіць ніякіх зменаў у сюжэт — і гэта ніяк не паўплывала на зразумеласць і даступнасць мультфільма. У выніку «Лядзяш» паглядзелі каля 200 тысяч чалавек з усяго свету. Акрамя распаўсюджвання ў інтэрнэце, ролік быў выпушчаны на DVD, дэманстраваўся на тэматычных занятках у школах, а таксама засвяціўся на расійскіх і міжнародных фестывалях.
Фестывалі і ўзнагароды
«Лядзяш» быў створаны ў 2009 годзе, але ў інтэрнэце з’явіўся толькі ў 2010-м. То-бок праз год. Праблема была ў тым, што кампазітар не дазволіў мне выкарыстоўваць у мультфільме яго музыку, таму давялося шукаць іншую. На шчасце, мне ўдалося пазнаёміцца з французскім кампазітарам Бруна Летортам, які пагадзіўся на бязвыплатнай аснове стварыць арыгінальны саўндтрэк. На стварэнне новай музыкі сышоў прыкладна год. У выніку праз значную затрымку мультфільм не паспеў трапіць на многія фестывалі анімацыі: на ўзнагароды намінаваліся толькі тыя ролікі, якія былі створаныя не больш за год таму. Аднак з «Лядзяшом» мне ўсё ж удалося паўдзельнічаць у конкурсах. Сярод апошніх узнагарод — прыз за гук на фестывалі аўтарскага кіно ў Маскве (ранейшы фестываль «Аніматограф»), а таксама прыз за найлепшы сцэнар на латвійскім фестывалі сацыяльнага кіно «Голы кароль».

Новы мультфільм
Цяпер праект «РэАнімацыя» зноў запусціўся, і ў яго межах я рыхтую новы мультфільм. Ён таксама будзе містычным, у пэўным сэнсе псіхадэлічным — гэта непасрэдна тое, што мне блізкае па духу. Галоўны персанаж будзе старэйшы за папярэдняга, але патэнцыйная аўдыторыя мультфільма застанецца той самай — падлеткі. Калі выйдзе мой новы ролік, пакуль сказаць складана: можа, праз паўгода, а можа, і праз год. Пры гэтым я не выключаю магчымасці далейшага супрацоўніцтва са стваральнікамі «РэАнімацыі».
Сацыяльная рэклама будучыні
Сацыяльная рэклама павінна развівацца. Зараз, вядома, на нашым рынку шмат няякаснага медыяпрадукту. Магчыма, прычына ў адсутнасці дастатковых бюджэтаў і конкурсаў. Калі паспрабаваць выправіць гэтую сітуацыю, сацыяльная рэклама выйдзе на іншы ўзровень развіцця. Пры гэтым не варта цурацца заходняга досведу: там ствараюцца сапраўды выдатныя ролікі, і ў пэўнай ступені мы павінны вучыцца здымаць у такім жа ключы. Кіно, анімацыя і мастацтва ўвогуле не маюць межаў!
Інтэрв’ю: Ягор Шчарбакоў
Апублікавана 12.05.2014 у часопісе «Не будзь залежным»