У Маскве ствараюць антынаркатычную анімацыю

Па замове Міністэрства культуры створаны антынаркатычны анімацыйны серыял. Гэта 49 эпізодаў жахлівай анімацыі. Мультфільмы, адрасаваныя моладзі, не даходзяць да гледачоў праз страхі чыноўнікаў.
У блогах распаўсюджваецца анімацыйны фільм-жах «Лядзяш». Маці і сын жывуць добра, пакуль хлопчык не прыносіць дадому лядзяш. Пасля гэтага ён пачынае паступова знікаць.
Злавесны лядзяш па начах свеціцца зялёным святлом, пазбаўляючы хлопчыка вачэй, рук і ног. У выніку ад сына для маці застаецца толькі гальштук-матылёк. Ад саўндтрэка валасы становяцца дыбам.
«Гэта актуальны гатычны жах, аналагаў якому ў анімацыі няма. Мы хацелі зрабіць «Лядзяш» страшным — паводле стылістыкі ён ідэальна пасуе да нашай тэмы», — тлумачыць Святлана Ельчанінава, аўтарка праекта антынаркатычнага серыяла «Рэ-анімацыя».
Серыял складаецца з 49 эпізодаў — анімацыйных фільмаў і відэакліпаў, створаных маладымі маскоўскімі аніматарамі і мастакамі па замове Міністэрства культуры. «Лядзяш» — толькі адзін з іх.
Ёсць яшчэ «Верацяно», дзе прынцэсе спадабалася калоцца верацяном. Неўзабаве да гэтага прызвычаіўся ўвесь горад, а ў фінале ўсе памерлі ў адзін дзень. У «Маленькім прынцы» на планетах жывуць алкаголікі і наркаманы, і толькі авіятар атрымлівае задавальненне ад свайго хобі.
Антынаркатычныя мультфільмы ствараліся як метадычны дапаможнік для працы з моладдзю. Аўтары праекта нават заручыліся падтрымкай Федэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкаў (ФСКН), галоўнага нарколага Расіі Яўгена Бруня і НДІ наркалогіі, якія прызналі праект выдатным сродкам прафілактыкі. Але для чыноўнікаў, большасці педагогаў і тэлебачання гэтыя аргументы не маюць значэння.
«Іх палохаюць слэнг і кроў, хай сабе і анімацыйная, якая льецца з экрана», — шкадуе Вікторыя Осіпава, крэатыўная прадзюсарка «Рэ-анімацыі». «Прагрэсіўныя маладыя педагогі падтрымліваюць праект, але асобная школа ці каледж не могуць дазволіць сабе выкупіць правы на паказ. Зрабіць гэта можа толькі дэпартамент».
Нягледзячы на тое, што ў кожным рэгіёне прадугледжаны артыкул выдаткаў на прафілактыку наркаманіі, за тры гады існавання праекта ім зацікавіліся толькі ўлады Разанскай, Іванаўскай і Ніжагародскай абласцей.
«Лядзяш» трапіў у інтэрнэт нелегальна, але стваральнікі праекта не збіраюцца пераследаваць парушальнікаў аўтарскіх правоў — галоўнае, што мультфільм знайшоў свайго гледача.
На пытанні Metro адказала Святлана Ельчанінава, аўтарка праекта «Рэ-анімацыя».Як вы ставіцеся да таго, што мультфільм трапіў у інтэрнэт? — Чыста па-чалавечы мне гэта падабаецца. Для мяне гэта некамерцыйны праект. З іншага боку, можна зразумець прадзюсараў. Чаму праект буксуе? — Занадта шмат галасоў гучыць супраць. Нават тэлеканал А1 паказвае нашы мультфільмы толькі ў інтэрнэце.
Інтэрв’ю: Анастасія Мінькова
Апублікавана 1.11.2010 года на METRONEWS.RU