
Пачатак творчага шляху Генадзя Буто як эксперыментальнага аніматара бачыцца ў «Панараміі» (2011). Вядома, хочацца капнуць глыбей і адзначыць, што візуальныя рашэнні і тэмы ранніх прац відавочна падводзілі аўтара да эксперыментальнай сцежкі. Гаворка ў першую чаргу аб хуліганістых кліпах музычных групп «Барто» ды «Керы». Насамрэч эксперымент з «Панарамiяй» мог стацца першай і апошняй пробай сіл молодога аніматара. У тым жа 2011 годзе Генадзь з’ехаў з Мінска і прайшоў курс навучання традыцыйнай анімацыі на студыі «Мельница». Прамысловы дызайнер па адукацыі канчаткова ператварыўся ў прафесійнага аніматара.
«Панарамія» складаецца з паслядоўнага шэрагу фатаграфій. Аб’ядноўвае іх від з аднаго акна, адрознівае — розны час сутак і поры года. Наратыў нараджаецца з тэхнічнага рашэння. Спачатку фатаграфіі змяняюць адна адну, а затым нібы перабліatваюцца — у летняй панараме з’яўляецца кавалак зімовай і гэтак далей. Паскораны хранатоп злучае часткі ў адно цэлае і раптам — на некалькі імгненняў — з’яўляецца новая ўнікальная прастора.

Шчыльную працу з эксперыментам рэжысёр пачынае праз некалькі гадоў, у 2016-м. Наведванне Генадзем Буто адразу дзвіох школ сучаснага мастацтва закладвае падмурак тэорыі. Першы мэтанакіраваны эксперымент – фільм «263 жабкі» з серыі «Dead Animation». У гэтай працы кожны кадр паасобку – фатаграфія мёртвай жабкі, што выклікае змешаныя пачуцці. Разам, у паскоранай перамотцы, яны складаюцца ў адну жабку-франкенштэйна, якая раптам ажывае. «263 жабкі» – наглядная дэманстрацыя самой сутнасці анімацыі: без руху кадры ўяўляюць сабой усяго толькі калекцыю мёртвых фатаграфій. Ці схаваная тут адсылка да працы Стэна Брэхейджа «Mothlight» (1963), у якой да плёнкі былі прымацаваныя расліны і крылы матылькоў, вырашать гледачу.
Акрамя «Dead Animation», у 2016 годзе стартуе серыя «Чорнае відэа». Рэжысёр тэстуе цярпенне свайго гледача чорным экранам у фільме «Пазнака», правярае іэрцыю з року ў «Адбітках». Некаli менавіта на такім аптычным эфекце, што задзейнічаў Генадзь Буто ў гэтых працах, анімацыйныя першапраходцы стварылі першыя аптычныя цацкі. У перспектыве тое прывяло да з’яўлення анімацыі і кінематографа.

У 2020-2021-х тэматычны акцэнт Генадзя Буто сышоў на лічбу. Час як магістральная тэма змясцілася ўглыб сэнсавай прасторы ягоных твораў. У фільме «Кампрэсія. Лебядзінае возера» аналагавае мінулае сціскаецца да аднатыпных пікселяў, прымушаючы ледзь не фізічна адчуць змену эпох, а прыклад ідэальнай постіроніі «Відэасеанс №1» усімі сіламі ўгаворвае гледача выдаткаваць свой час і даглядзець фільм да канца.
Пад пільным поглядам эксперыменту апынуліся не толькі пікселі, але таксама кадры і палігоны — усе базавыя элементы анімацыйнага жыцця. У эксперыменце «Аднойчы дзесяці ўначы» рух абмяжоўваецца двума кадрамі. Бінарнасць падкрэслівае мінімалізм і чорна-белае рашэнне.
Паўтарэнне сцэн, паскарэнне дзеі ды іншыя простыя прыёмы эфектна і эфектыўна перадаюць адчуванне бессэнсоўнай трагедыі. Як і тупіковая эвалюцыя «прымітываў» – ажылых трохмерных фігур у аднайменным фільме 2021 года.
«Too Big Drawing», «Занадта вялікі малюнак» (2021) — цудоўны сплаў дакументальнага, мастацкага і анімацыйнага. Простая кампазіцыя і наратыў падштурхваюць да прыемнага прагляду і прымушаюць задумацца над зместам.
Як і ва ўсіх казачных герояў-падарожнікаў, у галоўнага героя «Too Big Drawing» ёсць важкая падстава, каб завяршыць свой бясконцы малюнак. Для гэтага ён праводзіць алоўкам лінію днём, ноччу, па сушы і па дне мора. Зразумела, тое, што адбываецца тут на экране, нельга ўспрымаць літаральна. Але перш чым сказаць, што гэта метафара творчасці або барацьбы з умоўнасцямі, неабходна трохі падумаць над канцэпцыяй стужкі.

Насамрэч аўтар прапануе паверыць у існаванне нейкай фігуры, якую ніхто ніколі не ўбачыць. Мы, гледачы, усяго толькі сведкі зараджэння лініі, яе шляху-прасоўвання і фінальнага аб’яднання з пачаткам, якое дае сыход у сімвалічную Бясконцасць. Усё гэта да боль асоцыюецца з чалавечым жыццём.
Паслядоўнасць месцаў дзеяння паказвае на тое, што рука з алоўкам магла абагнуць зямны шар. Калі выказаць здагадку, што фігура, якую малюе герой, — круг, то тады падарожжа становіцца сакральным, бо круг і лінія — гэта геаметрыя Вечнасці, што кусае сама сябе за хвост. Затупіўшыся, агрызак алоўка вяртаецца ў пункт адліку і завершае выдатную роўную лінію так, што знайсці месца злучэння немагчыма. Гэта наводзіць на думку, што ўсё падарожжа было ўяўным, а пераадоленыя перашкоды – выдуманамі, як і належыць у вялікай ілюзіі кіно.

У эксперыментальнай анімацыі дакладна акрэсленых вынікаў няма. Бо сутнасць эксперыменту — вызначыць тэндэнцыю і даць гледачу падумаць, а не прапанаваць ужо гатовае рашэнне. З чыстым сэрцам адзначым, што ўсе вышэйпададзеныя трактоўкі фільмаў Генадзя Буто — толькі адна з магчымых версій. Пасля прагляду кожны гля дат мае права і нават абавязак прапанаваць свой варыянт убачанага. Нейкага сакрэтнага інгрэдыенту ў эксперыментальнай анімацыі няма. Проста ёй накавана заўсёды быць вытокам новага, і нават калі з моманту стварэння эксперыменту прайшло не так шмат гадоў, яго можна зноўку пераасэнсаваць.
Напрыканцы застаецца дадаць: глядзіце эксперыментальную анімацыю і не пераставайце думаць.
