Рэжысёр Генадзь Буто
Рэдакцыя Citycelebrity звязалася з пераможцам фестывалю кароткаметражнага кіно і анімацыі «METERS/МЕТРЫ» (у новай намінацыі «Кліпы») і распытала яго пра будучыню кінематографа, натхненне і анімацыю.
З чаго пачалася ваша рэжысёрская дзейнасць?
Мая рэжысёрская дзейнасць пачалася адначасова з анімацыйнай. Большасць сваіх работ я сам прыдумаў і зрабіў. І гэта лічу прынцыповым момантам.
Маёй дэбютнай анімацыйнай працай быў кліп для гурта «Ананімка» на песню «Пантэры». Першы блін, але не камяком. Рабіў інтуітыўна. Менавіта тады я ўпершыню адчуў, што значыць быць рэжысёрам. І гэта дало штуршок да таго, каб больш даведацца пра гэтае мастацтва і рабіць лепш — рабіць свядома.

Чаму ў сваёй творчасці вы аддаяце найбольшую перавагу анімацыі?
Я ішоў да гэтага паступова і толькі гадоў 5–7 таму выразна ўсвядоміў, што я аніматар. Наогул, мне падабаецца і відэа, і я разглядаю яго як адзін з напрамкаў творчага выказвання, у якім буду працаваць, але анімацыя на першым месцы. Проста анімацыя дае магчымасць здзейсніць цуд — ажывіць малюнак, надаць яму іншае вымярэнне. Рэальны свет жа не статычны — ён увесь у руху, развіцці, гуках. І пасля таго, як я паспрабаваў анімаваць, зразумеў, што ніколі не вярнуся да статычных малюнкаў.
Як нараджаюцца самыя цікавыя ідэі?
Трэба разумець, што нічога проста так з неба не падае. Каб цябе раптам асенiла выдатная ідэя, патрэбная пастаянная разумовая праца. Трэба доўга выношваць яе, гадаваць, часам месяцамі і гадамі — пакуль вы на 100% не будзеце ўпэўненыя, што гэта яно, менавіта тое, што трэба. І тады прыходзіць знакамітае «натхненне».
Але і пасля гэтага трэба зрабіць паўзу і ацаніць ідэю свежым поглядам. Магчыма, крытычны свежы погляд таксама не заўсёды найлепшы варыянт. Я аддаю перавагу шукаць ідэі падчас шпацыру ў адзіноце. У маёй галаве ўзнікаюць месцы з жыцця, якія натхняюць; я ў думках пераношуся туды і там шукаю свае ідэі.
Трэба шукаць іх у сабе, а не ў фільмах ці нечым нядаўна ўбачаным. Тады больш шанцаў знайсці нешта арыгінальнае, самабытнае, глыбокае. Трэба адасобіцца і пагрузіцца ў пэўны стан. Я лічу, што яшчэ не стварыў сваёй сапраўднай працы. Усё наперадзе, спадзяюся.
Якая з вашых работ для вас самая любімая, а якую было складаней за ўсё ствараць?
Мая самая любімая работа — гэта анімацыйны фільм «Лядзяш». Пакуль што для мяне гэта ўсё яшчэ дэбют у кароткаметражным фармаце. І хоць амаль праз тры гады я ўжо бачу памылкі, усё роўна гэта значная для мяне работа. І, напэўна, у пэўным сэнсе я намеціў той кірунак, у якім хацеў бы пакуль рухацца.

Кажуць, што ўсе рэжысёры трохі вар’яты… Вы таксама так думаеце?
А пакажыце мне нармальнага чалавека. Думаю, менавіта ён і будзе першым пацыентам. Проста хтосьці лепш хавае свае дзівацтвы, хтосьці горш. А ёсць людзі, якія ад прыроды артысты, і свае дзівацтвы яны падаюць больш прыгожа — у гэтым і заключаецца іх адрозненне ад звычайных людзей.
Ці лічыце вы, што добры рэжысёр павінен атрымаць профільную адукацыю, ці адукацыя можа быць любой?
Аднойчы я задаў тое самае пытанне аднаму студэнту рэжысёрскага аддзялення. Сэнс яго адказу быў такі: дастаткова прачытаць якую-небудзь тоненькую кніжачку па тэорыі, а ўсё астатняе павінна быць у цябе ад нараджэння. Табе застаецца толькі атрымаць неабходны культурны багаж, які ты будзеш збіраць усё сваё жыццё, — і тады ты ўжо патэнцыйны рэжысёр. Важна, каб ты ведаў, што сказаць свету, і ў ідэале гэта павінна быць нешта зусім новае.
Якім вы бачыце кінематограф будучыні?
Думаю, ён звязаны са імклівым тэхнічным прагрэсам. Мне здаецца, што цяпер людзі яшчэ гуляюцца з дэвайсамі і ніяк не могуць нарадавацца новым шырокім магчымасцям, якія раптам перад імі адкрыліся. Таму яны проста забаўляюцца з гэтымі інструментамі, забыўшыся пра галоўнае — чыстае мастацтва.
Але ўсё калі-небудзь мінае. І, насыціўшыся гэтай «лушпайкай», давядзецца шукаць новыя спосабы здзівіць гледача. Дзе яны знойдуцца, мне невядома. Але нешта абавязкова знойдзецца.