
Першыя дзесяць кінафестываляў, якія адабралі для паказу мой новы кароткаметражны эксперыментальны фільм Too Big Drawing. На двух з іх ён стаў фіналістам, а на адным — чвэрцьфіналістам. Што б гэта ні азначала.
Акрамя таго, фільм узяў удзел у калектыўнай выставе сучаснага мастацтва ў адной з галерэй Рыма. У гэтым і ёсць адна з пераваг фармату эксперыментальнага кіно: яго можна паказваць як у кінатэатрах, так і ў галерэях. Для мяне гэта першы досвед удзелу ў выставе са сваёй відэапрацай.
А вось у плане прасоўвання эксперыментальнага кіно ёсць пераважна мінусы. Большасць кінафестываляў — традыцыйныя, канвенцыянальныя і арыентаваныя на шырокую публіку, якая, мякка кажучы, не разумее і не любіць падобнае кіно. І часта яе можна зразумець. Адпаведна, секцыя эксперыментальнага кіно ёсць далёка не на кожным фестывалі.
Пацешыла, што чэшскі кінафестываль, прысвечаны даволі вузкаму жанру роуд-муві, таксама адабраў мой фільм у праграму. Я быў здзіўлены, бо фільм відавочна не адпавядае канонам гэтага папулярнага жанру і прапануе даволі нетрадыцыйнае ўвасабленне гэтай тэмы.